НОВАЧАРКА́СКІ СКАРБ Выяўлены ў 1864 у пахавальным кургане Хахлач каля г. Новачаркаск (Расія). Датуецца 1—2 ст. н.э. Ювелірныя вырабы Н.с. належалі сармацкай царыцы. Сярод упрыгожанняў залатая дыядэма з выявамі аленяў, птушак і дрэў, аздобленая залатымі прывескамі, рознакаляровымі камянямі і жэмчугам, а таксама пагруднай выявай жанчыны з аметысту; залатыя каралі, бранзалеты, флаконы для духмяных рэчываў, кубкі, нашыўныя бляхі для адзення і інш. Усе знаходкі належаць да сармацкага мастацтва, у якім спалучаюцца скіфскі «звярыны стыль» і паліхромнае мастацтва. Вырабы розных ант. цэнтраў, у т.л. італійскіх, прадстаўлены залатой статуэткай Эрота, сярэбранымі і бронзавымі пасудзінамі і інш.
І.М.Язэпенка.
т. 11, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)